Далучыцца да "Духоўных вытокаў" творчасці нашага земляка, удзельніка гарадскога літаратурнага аб'яднання "Купальскія зоры", паэта Юрыя Мазалевіча, мелі магчымасць навучэнцы-першакурснікі нашага каледжа падчас яго аўтарскага вечара, які адбыўся 17 красавіка ў рамках традыцыйных Літаратурных пятніц ў "Таўлаеўцы" - у Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая.
Удзельнікі сустрэчы пачулі віншавальнае Велікоднае слова святара Мікалая Пашкевіча, вершы Юрыя Уладзіміравіча, якімі паэт шчыра дзяліўся з гасцямі.
Дзякуючы пранікнёнаму звароту паэта ў вершаваных радках да моладзі, меладычным і кранальным песням, створаным на яго словы, прысутныя змаглі наталіць смагу па гучанні прыгожай роднай мовы, па духоўнай чысціні чалавечай асобы і твораў паэта, смагу па адкрытасці для спрадвечных чалавечых каштоўнасцей.