24 студзеня навучэнцы першага курса былі запрошаны на літаратурную сустрэчу аб’яднання “Купальскія зоры”. Вечарына адбылася ў цэнтральнай бібліятэцы ім.В.Таўлая ў рамках правядзення літаратурна-краязнаўчага праекта “Літаратурная пятніца ў “Таўлаеўцы”. Аб’яднанне дзейнічае ўжо 6 гадоў у бібліятэцы і прапануе сваім слухачам і чытачам дакрануцца да роднага слова і музычных кампазіцый.
Адна з мэт сустрэчы – задаволіць і захапіць родным словам моладзь. Для прысутных гучалі не толькі аўтарскія вершы, але і песні, створаныя на словы аматараў паэзіі.
Вершы пра Радзіму – гэта асобны блок сустрэчы. Ніколі не закончацца словы, якімі можна апісаць прыгажосць нашай краіны, ніколі не закончыцца жаданне слухаць вершы і песні, з якімі лягчэй падарожнічаць па жыцці.
Такія літаратурна-музычныя сустрэчы дапамагаюць моладзі яшчэ раз дакрануцца да таямніц паэзіі і песні, у кожнай з якіх пачуцці, гісторыя, творчасць і прыгажосць. У кожнай з якіх - жыццё.