Любоў Пісарчык, навучэнка 1 курса спецыяльнасці “вытворчасць біятэхналагічнай прадукцыі”, стала пераможцай завочнай алімпіяды па беларускай літаратуры (выкладчык А.І. Пясецкая).
Арганізатарам алімпіяды з’яўляецца кафедра беларускага і рускага літаратуразнаўства і журналістыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. У алімпіядзе прынялі ўдзел 60 работ!
14 снежня ў межах адкрытага паэтычнага форуму “Пушкінскія сустрэчы на філфаку” Любоў атрымала сваю ўзнагароду і пажаданні творчых і прафесійных поспехаў ад доктара філалагічных навук, прафесара кафедры беларускага і рускага літаратуразнаўства і журналістыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Зоі Пятроўны Мельнікавай.
- Чакала вынікаў алімпіяды больш за месяц і была прыемна здзіўлена, калі даведалася, што мая работа заняла 1 месца, - дзеліцца сваімі ўражаннямі пасля ўзнагароды Любоў. - Гэта перамога стала для мяне вельмі значнай, дала матывацыю для далейшага самаразвіцця, імкненне да ўдасканалення.
Навучэнка адзначае, што пры напісанні алімпіяды вельмі старалася, чытала ўсе творы, заданні па якіх прапаноўваліся. І для сябе даказала: чалавек здольны дасягаць пастаўленых мэт! Гэта натхненне для далейшага росту і развіцця, пацверджанне таго, што намаганні не знікаюць дарма.
- Калі вучылася ў школе, у мяне былі дасягненні. Але я вельмі ўдзячна выкладчыкам каледжа, якія за кароткі час “разглядзелі” мяне і запрашаюць да ўдзелу як у алімпіядах, так і ў спартыўных спаборніцтвах.
Падтрымаць сваю сяброўку, а таксама аднагрупніцу, у адказны момант узнагароды вырашыла і Аляксандра Дудко, якая была ўдзельніцай алімпіяды па журналістыцы. На жаль, Аляксандра не стала пераможцай, але была прыемна ўражана тым, што адказы з яе работы па адным з заданняў сталі прыкладамі правільных адказаў у момант разбору і аналізу заданняў алімпіяды.
Віншуем з перамогай!