«Мастацкай літаратуры»  –  50!

19 12 22 100

У гэтым годзе беларускае кніжнае выдавецтва “Мастацкая літаратура” адзначае прыгожы юбілей – 50 гадоў з дня заснавання. Выдавецтва ўтварылася ў 1972 годзе на базе рэдакцый мастацкай і дзіцячай літаратуры выдавецтва «Беларусь». Гэта быў час, калі інтэлектуальны і эстэтычны ўзровень грамадства патрабаваў выхаду вялікай колькасці мастацкай літаратуры розных кірункаў і жанраў. Штогод выходзіла з друку каля двухсот кніг, якія былі адрасаваны масаваму чытачу. У выдавецтве працавалі рэдакцыі паэзіі і прозы, збораў твораў, выбраных твораў  і перакладной літаратуры, крытыкі і драматургіі, літаратуры народаў СССР, гістарычна-дакументальных хронік «Памяць».

І на сённяшні дзень «Мастацкай літаратуры» пад сілу падрыхтоўка і выданне любой кнігі на высокім літаратурна-мастацкім і паліграфічным узроўні, аб чым сведчаць  шматлікія ўзнагароды на міжнародных і рэспубліканскіх выставах. Пад знакам выдавецтва выходзяць  арыгінальныя творы беларускіх пісьменнікаў, Зборы твораў, выбраныя творы, кнігі па літаратуразнаўстве і крытыцы, лепшыя творы замежных пісьменнікаў, літаратура для дзяцей і падлеткаў, навукова-папулярная, публіцыстычная і юрыдычная літаратура, літаратурна-мастацкія выданні серыі «Школьная бібліятэка», вучэбна-метадычная літаратура.

У бібліятэцы каледжа да юбілею выдавецтва аформлена выстава-прагляд “Мастацкай літаратуры” – 50!”. Увазе чытачоў прадстаўлены кнігі, выдадзеныя ў розныя гады і скампанаваныя ў наступныя раздзелы: “Залатая калекцыя нон-фікшн”, “Залатая калекцыя паэзіі”, “Залатая калекцыя прозы”, “Залатая калекцыя збораў твораў”. Навучэнцы, наведаўшы выставу, пазнаёміліся з кнігамі біяграфій знакамітых беларускіх пісьменнікаў, з вядомымі мастацкімі творамі, якія выйшлі ў серыях «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя», «Беларуская проза ХХ стагоддзя», «Бібліятэка выбраных твораў» і інш. Прыцягваюць увагу і разнастайныя шматтомныя зборы твораў такіх пісьменнікаў, як Янка Купала, Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Іван Шамякін і інш.

Поиск