Літаратурная гасцёўня “Радзімы верныя сыны”
29 лістапада ў каледжы адбылася літаратурная гасцёўня “Радзімы верныя сыны”, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння слынных пісьменнікаў, майстроў беларускага слова – Якуба Коласа і Янкі Купалы (сумеснае мерапрыемства бібліятэкі каледжа і выкладчыка беларускай мовы і літаратуры Пясецкай Алены Іванаўны). Вечарына пачалася з радкоў:
Як быццам розныя, зямля і неба,
Ды іх, паэтаў, адчужаць не трэба.
3 вытокаў самабытных галасы
Зліваюцца ў адзін – народны голас:
Без Коласа ў Купалы менш красы,
А без Купалы пабяднее Колас.
Нашыя навучэнцы ўзгадалі біяграфічныя звесткі пісьменнікаў, месцы іх нараджэння, гісторыі псеўданімаў Івана Луцэвіча і Канстанціна Міцкевіча.
Соф’я Белаконная (вядучая, навучэнка першага курса) на працягу мерапрыемства расказвала цікавыя факты з жыцця і творчасці Я.Купалы і Я.Коласа, іх сумесныя захапленні. А навучэнцы Ягор Здзітавец, Балеслаў Хвошч, Багуслаў Хвошч, Мікіта Курашоў, Ксенія Заварына, Віталь Лабко, Вераніка Канапацкая, Давід Бортнік, Аліна Ібрагімава, Аляксандра Міхан, Барыс Лаўрэнюк, Максім Васкабовіч, Дар’я Бельская, Яўген Патоцкі, Міхаіл Шастакоў чыталі вершы любімых пісьменнікаў.
Любы навучэнец мае магчымасць пазнаёміцца з творчасцю паэтаў бліжэй на аснове літаратурнай базы бібліятэкі каледжа. Бібліятэкар Вольга Васільеўна Дзяменцьева расказала пра арганізаваную выставу, пазнаёміла з кнігай “А хто там ідзе”. Верш Янкі Купалы перакладзены на 82 мовы свету. Усе пераклады сабраны ў адзіны зборнік. Дадзены верш стаў рызынкай мерапрыемства і быў прачытаны нашымі навучэнцамі не толькі на беларускай, але і на рускай, англійскай, нямецкай, французскай мовах, а Давід Бортнік прачытаў верш на іспанскай мове.
Навучэнцы адказвалі на нестандартныя пытанні па біяграфічных звестках майстроў слова, удзельнічалі ў віктарыне (узгадвалі і працягвалі радкі вядомых вершаў), успомнілі творы, якія вывучалі ў школе.
Многія вершы пакладзены на музыку. Песні “Мой родны кут”, “Спадчына”, “Дзве таполі”, “Малітва” і іншыя сталі музычным суправаджэннем мерапрыемства.
Прысутныя адзначылі: “Нам трэба і далей вывучаць жыццё і творчасць нашых песняроў, ведаць іх спадчыну. Янка Купала і Якуб Колас - мудрыя і праўдзівыя настаўнікі. Яны пакінулі нам духоўны запавет: любіць, шанаваць, берагчы спадчыну, быць сапраўднымі патрыётамі”.
Гулевіч Арцём і Гаманчук Кацярына, карэспандэнты каледжа