Славуты мастак Беларусі

0

18 лютага споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння знакамітага беларускага мастака  Міхаіла Савіцкага. Міхаіл Андрэевіч быў адным з выдатных прадстаўнікоў нацыянальнага выяўленчага і манументальнага мастацтва і яшчэ пры жыцці быў уганараваны мноствам савецкіх і беларускіх званняў і ўзнагарод: Народны мастак СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і трох Дзяржаўных прэмій Беларусі, акадэмік Акадэміі мастацтваў Расіі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Герой Беларусі. Ён быў таксама ўзнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знакам Пашаны", прэміяй і ордэнам Андрэя Першазванага. Савіцкі першы атрымаў ордэн Францыска Скарыны. Да юбілею мастака ў бібліятэцы аформлена выстава-ілюстрацыя “Лічбы на сэрцы”. Менавіта так называецца цыкл яго карцін, прысвечаны трагедыі канцэнтрацыйных лагераў. Міхаіл Андрэевіч у час Вялікай Айчыннай вайны сам прайшоў праз тры самыя страшныя канцэнтрацыйныя лагеры і пісаў праўду, якую бачыў і перажыў. Міхаіл Савіцкі з’яўляецца аўтарам і шырока вядомых жывапісных твораў, прысвечаных гераічнай партызанскай барацьбе супраць гітлераўскіх захопнікаў(“Партызаны”, “Партызанская мадонна”, “Віцебскія вароты” і інш.), а таксама серыі карцін “Чорная быль”, што адлюстравала трагедыю беларускага народа, які пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы.

Поиск